Працуе ў калгасе, піша кнігі i піярыць роднае Палессе. Пазнаёмцеся с 27-гадовым Дзедам Янкелем
Ад Мінска да аграгарадка Махновічы Гомельскай вобласці, дзе жыве герой гэтага матэрыялу, можна даехаць гадзіны за чатыры. Той самы Дзед Янкель сустракае нас на парозе хаты. І вось тут «чаканне — рэальнасць» не супадаюць: замест фэнтэзійнага дзеда (канешне, з сівой барадой, а мо нават і ў лапцях) перад намі апынуўся малады хлопец. Клічуць яго Ігарам — гэта ён вядзе блог, у якім назваўся дзедам і расказвае шмат цікавага пра наша, беларускае. Зараз хлопцу ўсяго 27 гадоў, ён малады бацька і працуе ў калгасе — сам нібы герой твораў Мележа ці Караткевіча. Мы прыехалі, каб разам з ім прайсціся па вёсцы, пагутарыць пра блог і дзве напісаныя кнігі, ды і ўвогуле пазнаёміцца з чалавекам, які так па-свойму ўлюблёны ў гэты край.