Валентина Кузьмич — какой была молодёжь во времена ее молодости.
Валянціну Кузьміч ведаю з часоў нашага з ёй юнацтва: у 70-80-я гады абедзве актыўнічалі ў камсамоле. А ўзгадала я гэта невыпадкова — 29 кастрычніка спаўняецца 105 гадоў з дня заснавання Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі. Таму і наша размова з Валянцінай Уладзіміраўнай тычылася ў асноўным тых, ужо такіх далёкіх, гадоў камсамольскага юнацтва.
У 1967-м яе, выпускніцу Варапаеўскай СШ, назначылі загадчыцай Чарнянскага клуба-бібліятэкі. Вучобу прадоўжыла завочна ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, а пазней скончыла яшчэ і Мінскую вышэйшую партыйную школу. Наступнымі прыступкамі ў працоўнай біяграфіі Валянціны стала работа ў Варапаеўскай гарпасялковай бібліятэцы, мясцовым пасялковым Савеце — сакратаром, потым — намеснікам старшыні. А ў 1987-м Валянціну Кузьміч выбралі старшынёй Лынтупскага пассавета, і на гэтай пасадзе яна была два дзесяцігоддзі.
Аднак вернемся на родную Валянціне Варапаеўшчыну, дзе прайшлі найлепшыя гады яе жыцця.
— Акрамя асноўнай работы, выконвала і грамадскія абавязкі, — успамінае Валянціна Уладзіміраўна. — Шмат гадоў узначальвала камсамольскую арганізацыю саўгаса «Варапаева», потым — партыйную пассавета. Гэта, безумоўна, дадавала клопатаў. Але жыццё было насычаным і цікавым. Мяне падтрымлівала моладзь і кіраўнікі. Напрыклад, дзякуючы дырэктару саўгаса «Варапаева» Гаўрыілу Лелякову ў Чорным пабудавалі клуб, ля яго — спартыўную пляцоўку. Моладзь ахвотна збіралася там. Шмат у чым дапамагалі сакратар парткама саўгаса Уладзіслаў Лапушынскі, старшыня прафкама Лілія Радкевіч. Юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, часта выступалі з канцэртамі ў вёсках. Праводзіліся іншыя мерапрыемствы. У гарпасёлку камсамольцы пасадзілі сквер ля стэлы ў памяць пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны землякоў.
У ліку найбольш актыўных мая суразмоўца назвала Валянціну і Галіну Казаровец, Ніну Масцяніцу, Віктара Кейзіка, Уладзіміра Кузьміча, Лідзію Цырук, Івана Курыловіча і іншых. Усіх успамінае з удзячнасцю.
Валянціна Уладзіміраўна даўно на пенсіі, але яна не адарвалася ад грамадскага жыцця. Асаблівае задавальненне атрымлівае ад зносін з сяброўкамі па жаночым клубе «Сяброўка», які дзейнічае пры Лынтупскай гарпасялковай бібліятэцы.
— Кожны месяц у нас праходзяць тэматычныя мерапрыемствы, — расказвала Валянціна. — Прысвячаем іх паэзіі, народным традыцыям, садаводству і агародніцтву, іншым тэмам. На днях адбудзецца чарговая сустрэча. Шкадую, што не траплю на яе, бо адпачываю ў санаторыі «Прыазёрны». Пуцёўку купілі мае дзеці, клапоцячыся, каб паправіла здароўе.
Дзяцей у жанчыны двое. Дачка Анжэла ў Мінску, сын Валерый у Паставах. У абаіх — сем’і і добры дастатак. А яшчэ Валянціна Уладзіміраўна мае 4 унукаў, унучку і праўнучку. Гэта яе найбольшае багацце.
К 105-летию комсомола. Валентину Кузьмич рассказала, какой была молодёжь во времена ее молодости
Фаіна Касаткіна