Как в XIX веке на Поставщине развивалось движение за трезвость?
Рух за цвярозы лад жыцця пачаўся ў Ковенскай губерні ў 1858 годзе намаганнямі каталіцкага біскупа Валянчэўскага, якому сам цар выказаў асабістую падзяку за гэту ініцыятыву падчас наведвання Вільні ў 1860 годзе. З Ковенскай губерні рух за цвярозасць перайшоў у Віленскую, потым — у Гродзенскую. Казанні да народа ў касцёлах уздзейнічалі на людзей […]
Рух за цвярозы лад жыцця пачаўся ў Ковенскай губерні ў 1858 годзе намаганнямі каталіцкага біскупа Валянчэўскага, якому сам цар выказаў асабістую падзяку за гэту ініцыятыву падчас наведвання Вільні ў 1860 годзе. З Ковенскай губерні рух за цвярозасць перайшоў у Віленскую, потым — у Гродзенскую. Казанні да народа ў касцёлах уздзейнічалі на людзей так моцна і пераканаўча, што яны масава запісваліся ў таварыства цвярозасці. Толькі за паўгода ў Віленскай губерні 32 195 чалавек адмовіліся ад ужывання спіртных напіткаў. У Ковенскай губерні такіх асоб было нашмат больш.
Колькасць прыхільнікаў цвярозасці пастаянна ўзрастала, пакуль падзеі 1863 года не прыпынілі распаўсюджанне гэтага добрага пачыну.
Духавенства ўжо не магло ўздзейнічаць на грамадства так настойліва, бо многія з «раўнівых» чыноўнікаў гэты факт сталі лічыць палітычнай прапагандай. Праваслаўны Сінод, аднак, не бачыў парушэння законаў у дадзеным руху, наадварот, благаславіў святароў праваслаўнага веравызнання на павучанні прыхаджан наконт устрымання ад п’янства. Напрыклад, у Вілейскім і Дзісненскім паветах, дзе насельніцтва ў асноўным было праваслаўным, у 1859 годзе налічвалася больш за 50 тысяч душ, якія далі абяцанне не ўжываць алкаголю.
У наступныя гады брацтвы цвярозасці пачалі рушыцца, бо прапаганда гэтай з’явы ўвогуле была забаронена. Аднак нават кароткачасовы перыяд, калі папулярызавалася цвярозасць, прынёс плён. Аўтары гістарычнай працы пра наш край, сучаснікі тых падзей, адзначаюць, што нават на пачатак 80-х гадоў ХІХ стагоддзя налічвалася шмат жыхароў, якія звыш 20 гадоў выконвалі дадзенае імі абяцанне адмовы ад спіртнога.
Зразумела, рух за цвярозасць паспрыяў росту дабрабыту сялянства, але гэта не ў поўнай меры магло паўплываць на агульнае становішча, якое было, мякка кажучы, няпростым.
Час смуты (1863 і 1864 гады) нанёс значную шкоду традыцыйнай маральнасці сялян. Частымі сталі выпадкі канакрадства і крадзяжы збожжа не толькі з палёў, але і са свірнаў. Сялянская рэформа і наступныя падзеі, а потым іх карныя вынікі прывялі да значных змен у сельскагаспадарчых адносінах. У такі няпросты час адмова часткі насельніцтва ад ужывання алкаголю стала адным з фактараў развіцця самастойных сялянскіх гаспадарак.
Іван Сіманёнак
ист: https://www.postawy.by/2024/05/kak-v-xix-veke-na-postavshhine-razvivalos-dvizhenie-za-trezvost/