Деревня Христово — Проект «ПК»
Прыпадаючы да крыніцы У Хрыстове нарадзіўся і вырас беларускі паэт Янусь Малец. Прыгожыя краявіды, шчырыя людзі, вясковы побыт — вось тыя крыніцы, якія ўскалыхнулі душу паэта і натхнілі на творчасць. Крыніцы, жыта, лес і неба І многа, вельмі многа сонца! Баравікі пад колер хлеба І павуцінне на сасонцы… І каляровая вясёлка Успыхне […]
У Хрыстове нарадзіўся і вырас беларускі паэт Янусь Малец. Прыгожыя краявіды, шчырыя людзі, вясковы побыт — вось тыя крыніцы, якія ўскалыхнулі душу паэта і натхнілі на творчасць.
Крыніцы, жыта, лес і неба
І многа, вельмі многа сонца!
Баравікі пад колер хлеба
І павуцінне на сасонцы…
І каляровая вясёлка
Успыхне раптам над ракою,
І луг зялёны ля пасёлка,
І дзед з бліскучаю касою.
Хіба гэтыя яго радкі і не пра вашу вёсачку?
Хрыстова, якое за 50 кіламетраў ад Пастаў і за 18 ад Глыбокага, дзе пражывае 67 чалавек, багатае на паэтаў, музыкаў, майстроў, кветкаводаў, ды і проста шчырых, працавітых, улюбёных у сваю малую радзіму людзей. Пазнаёміцца са сваімі аднавяскоўцамі мне дапамагла загадчыца Валкоўскага сельскага клуба Марына Пусько, за што ёй вялікі дзякуй. На жаль, з-за абмежаванасці газетнай плошчы, што адводзіцца пад «Вёсачку», я не змагла напісаць пра ўсіх, хто заслугоўвае ўвагі. Аднак спадзяюся на наступныя сустрэчы з хрыстоўцамі.
Зберагае памяць
За некалькі дзесяцігоддзяў працы ў рэдакцыі і бясконцыя вандроўкі па раёне на такім незвычайным транспарце, які вы бачыце на здымку, мне давялося праехаць упершыню. Сканструяваў яго Міхаіл Татарэнка. Мы накіраваліся на месца былой вёскі Запаляны, што за 2 кіламетры ад Хрыстова. Там магіла польскага воіна часоў польска-рускай вайны (1919 —1921 гг.). Вядома толькі яго імя — Андрэй. Адступаючы, палякі пакінулі яго параненага, і той памёр. Вяскоўцы пахавалі воіна па-хрысціянску і даглядаюць магілу. Гэты абавязак добраахвотна ўзялі на сябе Міхаіл Татарэнка і яго жонка Ганна. На магілцы ўстаноўлены помнік, яна абгароджана, побач пасаджаны яблыня і груша. А на вясковых могілках яны добраўпарадкоўваюць месцы вечнага спачыну не толькі сваіх родных, але і знаёмых.
Акрамя таго, Міхаіл Часлававіч вырабіў і ўстанавіў крыжы на месцах зніклых вёсак Міхалова, Запаляны, Турчына і іншых. Яго работа — і крыж у цэнтры вёскі. Зараз нарыхтоўвае матэрыялы і плануе ў хуткай будучыні зрабіць у Хрыстове капліцу. А яшчэ марыць пра музей вясковага побыту, ужо нават сабраў шмат экспанатаў для яго. Жартуе: «Каб паспець усё задуманае зрабіць, запланаваў пражыць да 120 гадоў».
Татарэнкі, якія ўжо 50 гадоў у шлюбе, маюць цудоўны працяг свайго роду: яны нарадзілі і выхавалі чацвярых сыноў і дачку. Ганна Вікенцьеўна ўзнагароджана ордэнам Маці. Прычым дзяцей падымала на ногі, працуючы даяркай, да таго ж сям’я трымала вялікую ўласную гаспадарку. А дэкрэтны водпуск у тыя гады быў усяго 56 дзён да родаў і столькі ж пасля іх. Спраўлялася! Цяперашнім маладзіцам нават уявіць такое немагчыма.
Іх дачка стала прадаўцом, два сыны — механізатарамі, яшчэ два — зваршчык і ксёндз.
Якія нашы людзі!
Антаніна Малец сустрэла прыбраная і ўсхваляваная. Прызналася: «Не спала ўсю ноч, думала, як вам пра ўсіх расказаць. У нас жа такія добрыя людзі! Напрыклад, Міша Татарэнка мне дапамог дагледзець ляжачага мужа, апрацоўвае агарод, ды і пра кожнага ў вёсцы клапоціцца. Або сапсаваўся ў мяне тэлевізар — адрамантаваў Валік Машніч. Трэба абкасіць ля дома — прыходзіць Сярожа Счасны. Іосіф Вярцінскі даваў каня. Фэля Лягцінен, Жэня Татарэнка, Крысціна Крэміс дзяліліся агароднінай. І гэтак каго ні вазьмі… Не ў кожнай сям’і жывуць так дружна, як нашы аднавяскоўцы».
Узгадвала Антаніна Баляславаўна і тое, як хінуліся да яе людзі, калі працавала ў Норыцы. Ішла туды на месяц замяніць прадаўца ў водпуску, а затрымалася на 22 гады. Да гэтага працавала ў бібліятэцы, клубе, аддзяленні сувязі, але сапраўднае прызванне знайшла ў гандлі. Казала, што кожны дзень на работу ў магазін ішла як на свята.
Шмат цёплых слоў пачула я ад Баляславаўны і пра сям’ю, у якую яна трапіла, выйшаўшы замуж. Дарэчы, яе муж Расціслаў — родны брат паэта Януся Мальца. Прачытала яго вершы. У адным з іх ёсць такія радкі: «Колькі вёрст нас раздзяляе! Хоць машынны зараз век,/ Ды не часта ўсё ж бывае,/ Што мяне ты сустракаеш,/ Самы родны чалавек./ Як я радасна ўздыхаю, калі дзверы адчыняю./ А ты кажаш: «У хату госць!»
Вось дык радня!
Наталля Курачонак вырасла ў сям’і, у якой было сямёра дзяцей — 5 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. У хаце жылі ўдзесяцярых: бацькі, бабуля і яны, дзеці. Мама хварэла, бацька любіў выпіць, таму выхоўваліся працай. Выраслі годнымі людзьмі. За выключэннем аднаго брата, які жыве ў Нарачы, усе асталяваліся на Пастаўшчыне: у Хрыстове, Дварчанах, Лучаі. Маюць сем’і, падтрымліваюць зносіны. Наташа любіць, калі браты і сястра прыязджаюць да яе ў госці.
У яе самой двое дзяцей. Сын Іван працуе ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці, дачка Насця — інжынерам-тэхнолагам на адным з мінскіх малаказаводаў. Замуж Наталля выйшла маладзенькай, але, калі сыну было ўсяго 5 гадоў, аўдавела. Ужо на працягу 18 гадоў спадарожнікам жанчыны з’яўляецца Сяргей Янковіч, які працуе трактарыстам на СП «Дунілавічы-агра», а яна — даяркай у гэтай жа гаспадарцы. Пазітыўная, працавітая, Наталля ўпэўнена ідзе па жыцці, ні на што не наракае, хаця цяжкасцей хапае.
І засталася назаўсёды
Яўгенія і Мар’ян Татарэнкі ў шлюбе 54 гады. Дружная, моцная сям’я. Хлопец нават уявіць не мог, што яго будучая жонка падрастае не ў родных мясцінах, а ажно на Урале. Але лёс распарадзіўся менавіта так.
— Спачатку Жэня прыязджала ў Хрыстова пагасціць у братавай сям’і, — з усмешкай расказваў Мар’ян Уладзіміравіч. — Потым засталася тут жыць. Пацанка! Я не звяртаў на яе асаблівай увагі. А вярнуўся дадому, адслужыўшы ў арміі, — падрасла! Убачыў прыгожую дзяўчыну і закахаўся.
Яўгенія Рыгораўна ўспамінала, што 17-гадовай дзяўчынай будавала валкоўскую школу, у якой пазней вучыліся іх з Мар’янам дзве дачкі. Пазней яна працавала ў сельскім Савеце, аддзяленні паштовай сувязі. А муж — вадзіцелем у калгасе, вазіў старшынь, якіх пры ім змянілася некалькі.
Па бацьках і сыны
Крысціна і Анатолій Крэмісы казалі: «Хто б мог падумаць раней, што ў вёсках не будуць трымаць скаціну, а стануць цешыцца катамі і сабакамі? Зараз няма яе і ў нас. А трымалі 2 кароў, 3 свінаматак, па 16 свіней. Прадавалі мяса, агародніну. Грошы патрабаваліся на дабудову дома, вучобу двух сыноў».
Крысціна родам з Гродзеншчыны. У наш раён трапіла па накіраванні пасля заканчэння інстытута. Працавала галоўным эканамістам калгаса «Чырвоны сцяг», пасля 19 гадоў — бухгалтарам у Валкоўскім лясніцтве, а Анатолій і пасля выхаду на пенсію застаўся ў лясніцтве вартаўніком.
Не дзіўна, што і абодва сыны Крэмісаў выбралі прафесіі, звязаныя з лясной гаспадаркай. Атрымалі вышэйшую профільную адукацыю. Андрэй жыве і працуе ў Гарадку, Леанід — у Віцебску. У Крэмісаў трое ўнукаў. Старэйшай дзяўчынцы ўжо 16, меншай — 4.
— Раней мы дапамагалі сынам, а зараз — яны нам, — казаў Анатолій Станіслававіч і не без гонару паказаў легкавую машыну. — Яе мне аддаў Лёня, а ў яго засталіся яшчэ дзве.
Да слёз душу кранае
Часлава Машніча не засталі дома: ён на матацыкле адправіўся на рыбалку. Але хіба я магла пакінуць вёску, не сустрэўшыся з ім — паэтам, кампазітарам, музыкантам? Дзякуй яго жонцы Рэгіне, якая дазванілася да мужа і папрасіла прыехаць дадому.
На пытанне, што натхняе на творчасць, Часлаў Аляксандравіч адказаў: «Любоў да сваіх родных і вёскі. Толькі калі што моцна кране душу, бяруся пісаць верш або музыку». Першай слухачкай твора з’яўляецца жонка і, як правіла, заўсёды хваліць мужа. Музыкант нарасхват. Дзе толькі не даводзіцца яму выступаць! Рэгіна Эдуардаўна не пярэчыць гэтаму, часта едзе разам з мужам, радуецца, як цёпла прымаюць яго гледачы. Талент бацькі перадаўся і дочкам. Аксана грае на акардэоне, Марына хораша спявае.
Калі музыкант расцягнуў мяхі акардэона і заспяваў пранізліва-пяшчотную песню пра Хрыстова, я не змагла стрымаць слёз, перанёсшыся ў думках у сваю родную вёску, якой даўно няма.
— А насупраць Машнічаў жыве яшчэ адзін творца — Сяргей Счасны, — сказала Марына Пусько, як толькі мы выйшлі з дома. — Пісаў вершы яго бацька Люцыян, і ён таксама піша, мае два зборнікі: у адным бацькавы вершы, у другім — ягоныя.
З імі я і сфатаграфавала Сяргея.
Умелыя рукі
Па дарозе да Леакадзіі Счаснай мой «гід» Марына Пусько гаварыла: «Зараз убачыце, колькі ў яе кветак ля дома і ў доме. А яшчэ Іванаўна захапляецца пляценнем з газетных трубачак, у яе шмат вырабаў з іх. Хіба, раздарыла…»
Кветак і сапраўды шмат. Многія гаршкі пад імі аплецены папяровымі трубачкамі. Бачу і дамавіка, бычка, коціка, саву, «футляры» для бутылак, ёмкасці для захоўвання яек і іншыя вырабы. Як не сфатаграфаваць іх для газеты? І, вядома ж, найперш саму рукадзельніцу. А Леакадзія Іванаўна наадрэз адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што нефотагенічная. Ледзьве ўгаварылі.
Яна магла жыць у Калінінградзе або ў Паставах, дзе ў маладосці нейкі час працавала. Але не засталася. Прызнаецца: «Горад не па мне. Надакучыла бачыць цагляныя будынкі. Хацелася дадому, у сваю мясцовасць, да сваіх людзей». У Хрыстове выйшла замуж, муж працуе трактарыстам у калгасе, яна была тэхнічкай у школе, зараз на пенсіі. Мае трох дзяцей, якія жывуць у Барысаве, Заслаўі і Дзеркаўшчыне.
Нястомная
Знаёмлюся з Крысцінай Лягцінен — нявесткай Фяліцыі Лягцінен. 10 гадоў мінула, як загінуў дарагі для абедзвюх чалавек — муж і сын, а яны па-ранейшаму радняцца. Крысціна не выйшла другі раз замуж, шмат дапамагае свекрыві. Абедзве яе дачкі даўно дарослыя, працуюць у Глыбокім, часта наведваюцца да маці.
Крысціна Зянонаўна 35 гадоў адпрацавала даяркай, была ў ліку перадавікоў. Пайшоўшы на пенсію, ездзіла ў Глыбоцкі і Докшыцкі раёны дапамагаць фермерам ва ўборцы агародніны. А калі ёй прапанавалі стаць сацыяльным работнікам, ахвотна згадзілася. Зараз апякуецца над пяццю хрыстоўцамі. Добра ведае кожнага, таму не толькі выконвае тую ці іншую работу, але і шчыра пагутарыць. Падапечныя вельмі задаволеныя сваёй памочніцай.
Вяскоўцы расказвалі мне, якая Крысціна акуратыстка. Нават на ферму хадзіла ў белых боціках, прыгожай куртцы, а там пераапраналася. Чыста, акуратна, прыгожа і ў яе доме, а сама гаспадыня — сціплая, адкрытая, добразычлівая.
Ахінаюць клопатам
Незадоўга да свайго юбілею Фяліцыя Лягцінен трапіла ў бальніцу, а выпісалася ўсяго за два дні да даты. Адзначаць яе жанчыне не хацелася. Аднак нявестка і ўнукі падрыхтавалі для імянінніцы такое свята, што яно расчуліла не толькі яе, але і ўсіх запрошаных.
У жыцці Фяліцыі Іванаўны хапіла цяжкасцей. Маладзенькай паехала на заробкі ў Свярдлоўскую вобласць. Там выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзетак, але муж трапіў у турму. У родную вёску яна вярнулася, калі старэйшаму сыночку было 3 гады, малодшаму — усяго 8 месяцаў. Пасля заканчэння тэрміну зняволення прыехаў сюды і муж, але сямейнага шчасця не было. 27 гадоў яна адпрацавала ў валкоўскім магазіне і ўспамінае той час з радасцю. Для сельскай мясцовасці магазін быў паказальны, а калектыў прадаўцоў — дружны.
10 гадоў назад на жанчыну абрынулася найстрашнейшае гора: у аўтамабільнай катастрофе загінуў сын Саша. Другі сын — Андрэй — інвалід I групы, жыве ў Варапаеве. Добра, што ёсць іх працяг: 3 унучкі і столькі ж праўнучак, 2 праўнукі. Усе даражаць бабуляй, прыязджаюць да яе, пастаянна апякае нявестка Крысціна, якая жыве ў Хрыстове.
Проект «ПК» «Вёсачка» продолжается. Очередная остановка — деревня Христово
Фаіна Касаткіна
ист: https://www.postawy.by/2025/05/proekt-pk-vjosachka-prodolzhaetsja-ocherednaja-ostanovka-derevnja-hristovo/