Калі зямля была каштоўнасцю
Гісторык Ігар Падгарадзецкі даслаў у рэдакцыю «ГС» архіўныя выпіскі з Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі ў Гродне пра сям`ю сялян Акулічаў з вёскі Сколдзічы на Слонімшчыне за 1862, 1864, 1865, 1906 і 1915-1917 гады.
Сообщение Калі зямля была каштоўнасцю появились сначала на Газета Слонімская.
Размова ў гэтых дакументах ідзе пра зямлю і маёмасць, якой валодалі ў Сколдзічах Акулічы, пра грашовы аброк, які яны плацілі тагачасным уладальнікам Сколдзічаў памешчыкам Ордам, пра колькасць працоўных дзён на памешчыцкіх землях улетку і зімой, конна і пешкі, пра стасункі паміж панамі, сялянамі і дзяржавай.
У 1862 годзе селянін Гаўрыла Акуліч мусіў адпрацаваць на памешчыка Пятра Орду летам 84 дні конна і 53 пешшу, а зімой адпаведна 56 і 34 дні. Акрамя працоўнай павіннасці, за карыстанне панскай зямлёй Гаўрыла Акуліч заплаціў у тым годзе Пятру Орду са свайго двара 44 рублі і 11,5 капейкі грашовага аброку. Пры гэтым кошт яго сядзібы і ўсёй аседласці складаў 120 рублёў. Такімі ж падаткамі, кажучы сённяшняй мовай, абкладаўся тады і Восіп Гаўрылавіч Акуліч, сын Гаўрылы.
Тут мы ўзгадалі толькі гаспадароў сялянскіх двароў. Але працоўную павіннасць адбывалі таксама і жанчыны. Заўважым, што размова ідзе пра 1862 год, а ў 1861 годзе, як вядома, царскім маніфестам было адменена прыгоннае права. Аднак бясплатна памешчык зямлю сялянам не аддаваў — яе патрэбна было выкупіць.
І ўжо ў 1864 і 1865 гадах Гаўрыла і Восіп Акулічы выкупілі ў памешчыка Пятра Орды зямлю і сталі сялянамі-гаспадарамі вёскі Сколдзічы Дзеравянчыцкага сельскага таварыства Шылавіцкай воласці. Сваю зямлю ў памешчыка Орды сяляне Акулічы выкупілі за дзяржаўную пазыку і павінны былі плаціць штогод для яе пагашэння дзяржаве 376 рублёў 92 капейкі.
Як бачым, кошт царскай свабоды для беларускіх сялян у рублях уражвае нават па сённяшнім часе. Але ў той час нават такім коштам сяляне былі гаспадарамі на сваёй зямлі, а зямля для іх была найвялікшай каштоўнасцю.
У наступнай тэчцы архіўных дакументаў згадваюцца сяляне-гаспадары са Сколдзічаў Яфім Восіпавіч Акуліч (не раней за 1885 год) і Міхаіл Яфімавіч Акуліч (з 1906 года) ды іх стасункі з тагачасным памешчыкам Іосіфам Ордам.
У страхавой ведамасці сялянскіх пабудоў Шылавіцкай воласці Слонімскага ўезда 1915 – 1917 гадоў хата, хлеў і два гумны Міхаіла Акуліча ў Сколдзічах былі ацэнены агулам у 670 рублёў срэбрам. Калі параўнаць з коштам усёй аседласці яго дзеда Гаўрылы Акуліча ў 120 рублёў у 1862 годзе, то бачым, што род Акулічаў за гэты час здолеў заўважна ўзбагаціцца.
Але не ўсё і тады было проста ў сялянскім жыцці жыхароў Сколдзічаў. У дакументах фонду Слонімскай уезнай землеўладкавальнай камісіі знаходзіцца прашэнне сялян гэтай вёскі, датаванае 17 лютым 1906 года, пад якім ёсць і подпіс Яфіма Акуліча. У гэтым дакуменце размова вядзецца пра тое, што новы памешчык Іосіф Орда не дазваляе сялянам пасвіць скаціну на сваіх землях, якімі дазваляў карыстацца яго бацька. Тады мяжой паміж сялянскай і памешчыцкай зямлёй была рэчка, якая цякла з вёскі Дзеравянчыцы. Сяляне таксама пішуць, што памешчык адабраў у іх 2 дзесяціны і 110 сажняў агароднай зямлі, якая знаходзіцца за 2 сажні ад Сколдзічаў, і пабудаваў там уласны дом і млын. Таксама Іосіф Орда прысвоіў 4 дзесяціны і 220 сажняў сялянскай зямлі ва ўрочышчы Шчалуб, 3 дзесяціны 165 сажняў — ва ўрочышчы Глыбокія, а ва ўрочышчы Хваёвая Гара Орда прыбраў сабе частку сялянскага лесу і ворнай зямлі ў памеры 4 дзесяцін і 220 сажняў.
Прашэнне сялян вярнуць ім забраныя памешчыкам землі зямельная камісія разгледзела 19 лютага 1906 года, пакінула яго без задавальнення ды параіла сялянам звярнуцца ў суд з грамадзянскай позвай да памешчыка Орды, бо такія спрэчкі знаходзяцца ў кампетэнцыі суда, а не названай камісіі.
Як сведчаць архівы, зямля ў ХІХ і на пачатку ХХ стагоддзя была ў нашым краі вялікай каштоўнасцю як для сялян, так і для буйных землеўладальнікаў-памешчыкаў.
Потым, пасля ўсіх рэвалюцыйных пертурбацый, Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, у выніку якіх акупанты падзялілі Беларусь на дзве часткі, наша слонімская зямля заставалася такой каштоўнасцю яшчэ да верасня 1939 года. А далей — гэта ўжо зусім іншая гісторыя і іншыя каштоўнасці.
Сообщение Калі зямля была каштоўнасцю появились сначала на Газета Слонімская.