Апошняя ў папа жонка
Беларуская мова — прыгожая старажытная ўсходнеславянская мова, якая мае цэлы шэраг адметнасцяў, якія фарміраваліся пад уплывам розных фактараў, у тым ліку гістарычных.
Сообщение Апошняя ў папа жонка появились сначала на Газета Слонімская.
Але ці шмат мы ведаем аб сваёй роднай мове? Нават яе даследчыкі сцвярджаюць, што чым больш вывучаюць нашу мову, тым больш адкрываюць цікавых момантаў і незвычайных з`яў.
Сёння мы прапануем вам пазнаёміцца з цікавымі фразеалагізмамі — устойлівымі словазлучэннямі, сутнасць якіх не вызначаецца значэннем асобна ўзятых слоў.
На паповы сані збірацца — фразеалагізм, які мае значэнне аддаць богу душу, аддаваць канцы, памерці. Гэта ўстойлівае спалучэнне слоў адносіцца да тых часоў, калі памерлага чалавека адвозілі на могілкі на конях, якія цягнулі за сабой сані. Ужытае слова сані дае зразумець, што дзеянне адбываецца зімой. Цяжка несці труну па вёсцы, калі непагадзь, снег і замеценыя дарогі. Але калі ёсць сані — транспартны сродак больш заможных сялян — то зрабіць гэта было значна прасцей.
Цікавымі сінонімамі для гэтага фразеалагізма могуць быць: адпраўляцца (трапіць) да Абрама на піва (Абрам — яўрэйскі прабацька, родапачынальнік многіх народаў. — Заўвага аўтара), адыходзіць з гэтага свету на той, ажаніцца з сырою зямлёй, выпростваць ногі, даваць дуба, духу не ўказаць, загавець душой, ісці замуж за Пясоцкага, заснуць вечным сном.
Папоўскае вока (у кагосьці) — гэтае ўстойлівае словазлучэнне мае неадабральную характарыстыку і азначае таго, у каго занадта развітая прагнасць, хцівасць, зайздрасць.
Адкуль такія адносіны ў народа да святароў, застаецца невядомым. Магчыма, таму, што за свае трэбы служыцелі царквы яшчэ ў нашых прашчураў бралі занадта шмат грошай. Прыгадаем, што ў 1905 годзе нават семінарысты не вытрымалі вельмі развітую бюракратыю і хабарніцтва з боку святароў. Напярэдадні рэвалюцыі яны ўварваліся ў рэктарскія пакоі Мінскай духоўнай семінарыі і ўчынілі там пагром.
Таму лічылася абразай, калі адзін чалавек другому казаў «папоўскае вока». Цікавымі сінонімамі да гэтага фразеалагізма з`яўляюцца шырокае горла (піць ці есці ў два горлы) і няпоўнае вока.
Прыгадаем яшчэ адно словазлучэнне — апошняя ў папа жонка. Гэта іранічнае выказванне — рэакцыя на слова апошні. Калі нехта з нашых продкаў рабіў нешта благое і запэўніваў пасля, што гэта было ў апошні раз, то яму маглі адказаць: «Апошняя ў папа жонка». Тым самым як бы падкрэсліваючы, што «хай ты і кажаш, што ў апошні раз, але мы цябе ведаем — ты зробіш гэта зноў».
Прыгадваецца, як яшчэ нядаўна мы ўжывалі такое словазлучэнне «апошняе кітайскае папярэджанне». Ці не падобнае яно да даўнейшага?
Сообщение Апошняя ў папа жонка появились сначала на Газета Слонімская.