Ад узбуйнення да банкруцтва. З найноўшай гісторыі слонімскіх калгасаў
Калі ў 2007 годзе былы калгас «Рассвет» на Слонімшчыне далучалі да суседняга калгаса «Міжэвічы», яго працаўнікі (жыхары Вострава, абедзвюх Перавалок, Засімавічаў і Смаўжоў) і ў страшным сне не маглі ўявіць, што чакае іхнюю аб`яднаную гаспадарку ўсяго праз некалькі пяцігодак.
Сообщение Ад узбуйнення да банкруцтва. З найноўшай гісторыі слонімскіх калгасаў появились сначала на Газета Слонімская.
І вось дажыліся. Усе былыя калгасныя фермы ў Востраве, абедзвюх Перавалоках і Смаўжах стаяць пустыя і ўжо напалову разбураныя. Тых нешматлікіх працаўнікоў КСУП «Міжэвічы», якія жывуць у Востраве і Старой Перавалоцы, возяць штодзень на працу і назад у Міжэвічы на аўтатэхніцы гаспадаркі. Цяпер у КСУП «Міжэвічы» вялікая цякучка кадраў, шматлікія даўгі, частая змена кіраўнікоў і вельмі малы заробак.
Пустыя кароўнікі былой малочна-таварнай фермы ў Востраве
На жывёлагадоўчым комплексе ў Міжэвічах толькі на адной ферме па невядомых прычынах у мінулым годзе здохлі каля 160 галоў буйной рагатай жывёлы. Каб схаваць такі маштабны падзеж кароў, у кіраўніцтве гаспадаркі прыдумалі схему, паводле якой гэтых кароў быццам бы прадавалі сваім работнікам і мясцоваму насельніцтву. Пры гэтым некаторых людзей настойліва прасілі пісаць заявы на набыццё тых кароў, а потым вылічвалі за гэта з іх мінімальных заробкаў грошы. Часткова мяса здохлых кароў купляў мясцовы прадпрымальнік за наяўныя грошы для вырабу корму для жывёл.
Пра гісторыю з мёртвымі душамі кароў у гаспадарцы «Міжэвічы» на мінулым тыдні даведалася ўся Беларусь з сюжэтаў на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Свае каментарыі сталічным журналістам далі начальнік фінансавай міліцыі Сяргей Туптала і памочнік пракурора Слонімскага раёна Дзмітрый Пукалаў. Узбуджана крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў супраць брыгадзіра прадпрыемства, якой пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Сітуацыя апынулася такой заблытанай, што да следства падключыўся яшчэ і Следчы камітэт. Праваахоўнікі пачалі праверку і ў другіх гаспадарках раёна.
Плакат у чырвоным куце былой малочна-таварнай фермы ў вёсцы Вострава
У сітуацыі фактычнага банкруцтва ў мінулым годзе знаходзіліся сем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Слонімскага раёна, якім палітыка ўзбуйнення ў свой час таксама не пайшла на карысць. І хоць востра стаіць пытанне, што ж рабіць далей, ужо сем месяцаў улады не могуць прадаць гэтыя гаспадаркі замежнаму інвестару, які гатовы іх купіць. «Я асабіста сустракаўся з гэтым еўрапейскім інвестарам. Гісторыя цягнецца ўжо сем месяцаў, і цярпенне ў яго канчаецца», — заўважыў на гэты конт намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Дзмітрый Круты на выніковай калегіі Дзяржкамітэта па маёмасці 13 лютага.
Што будзе далей з гаспадаркамі-банкрутамі? Ці сапраўды праблему дапамогуць вырашыць замежныя інвестары і калі тое будзе? — пытанні пакуль без адказаў. Таксама калісьці засталося без пераканаўчага адказу пытанне, навошта было далучаць кампактны і самадастатковы калгас «Рассвет» да вялікіх і праблемных «Міжэвічаў»?.. Але самае крыўднае ў гэтай гісторыі, што колішнія далучэнцы няблага цяпер жывуць на свае персанальныя пенсіі, а з мінімальных заробкаў сённяшніх працаўнікоў калектыўнай гаспадаркі вылічваюць грошы за мёртвыя душы кароў.
Колькі здольныя цярпець такі здзек калгаснікі?.. Таксама пытанне.
Фота з архіва «ГС»
Сообщение Ад узбуйнення да банкруцтва. З найноўшай гісторыі слонімскіх калгасаў появились сначала на Газета Слонімская.