Мастоўскі раён: другая хваля рэпрэсій
Пасля збройнай разборкі Другой сусветнай вайны, дзе пераможцамі сталі сілы антыгітлераўскай кааліцыі, рэпрэсіі супраць мясцовых жыхароў напачатку мелі спантанны характар. Другі вал рэпрэсій на Мастоўшчыну абрынуўся ў 1952 годзе.
Сообщение Мастоўскі раён: другая хваля рэпрэсій появились сначала на Газета Слонімская.
Уладыслаў Андэрс. Фота: ru.wikipedia.org
Найперш ад бальшавіцкага хапуна пацярпелі сапраўдныя героі Другой сусветнай вайны, тыя, хто служыў у войску генерала Андэрса.
Кароткая даведка
Пасля вайны 1939 года ў савецкім палоне апынуліся сотні тысяч польскіх жаўнераў. Афіцэры былі ў большасці расстраляныя ў Катынскім лесе, а радавыя змешчаны ў лагеры ГУЛАГа. Пасля пачатку германска-савецкай вайны ў 1941 годзе польскі ўрад у выгнанні (Лондан) дамовіўся з СССР аб стварэнні польскай арміі, якая будзе ваяваць супраць немцаў. Са зняволення вызваляліся ўсе палонныя, хто меў дачыненне да войска польскага: палякі, украінцы, беларусы, расіяне, яўрэі. Камандаваць арміяй быў прызначаны палонны генерал Уладыслаў Андэрс. Вясной 1942 года польскае войска ў складзе 50 тысяч чалавек было сфармавана ў Бузулуку і накіравана на Блізкі Усход.
У першай палове 1944 года ў Італіі ішлі кровапралітныя баі саюзных войскаў з немцамі. Асноўныя падзеі разгортваліся каля манастыра Монта-Касіна. Спробы саюзнікаў заняць гэты стратэгічны пункт канчаліся нічым. Тады на прарыў быў кінуты другі польскі корпус у складзе 8-й брытанскай арміі. Андэрсаўцы выканалі задачу і ўзнялі свой сцяг над развалінамі манастыра. Пры штурме корпус панёс шматлікія страты: 924 забітых і 4199 параненых. Пасля заканчэння вайны многія андэрсаўцы вярнуліся дамоў, у тым ліку і мастаўляне.
Вінаваціць гэтых герояў у здрадзе — проста дзікунства, бо яны ваявалі на баку антыгітлераўскай кааліцыі. І ваявалі годна. Але тое дзікунства адбылося. У адзін дзень — 1 красавіка 1952 года — на Мастоўшчыне былі арыштаваны з сем`ямі тыя, хто ваяваў у шэрагах арміі Андэрса. І тут высвятляецца адна акалічнасць. З 22 рэпрэсаваных толькі тры лічыліся палякамі, а 19 — беларусы. Большая частка іх вярнулася дамоў пасля 1955 года, а рэабілітаваны яны былі ў 90-я гады.
Неўзабаве пачалася акцыя НКУС па пазбаўленні Мастоўшчыны ад кулакоў. Усяго было арыштавана і вывезена 26 сем`яў. Асноўная хваля арыштаў адбылася 18 красавіка 1952 года. У той дзень пацярпела 17 сем`яў. У дакументах пазначана, што з іх 17 лічылася палякамі, а 9 — беларусамі. Як паказчык той дзяржаўнай бязглуздзіцы такі прыклад. У вёсцы Лаўры як кулак была выселена 50-гадовая Вераніка Гецальд, 60-гадовая яе сваячка Марыя і яшчэ дзве кабеты.
Адзіным мужчынам у гэтай сям`і быў сын Мар`ян, якому на дзень арышту было няпоўных 16 гадоў.
Пра бяздумна зламаныя лёсы у той час людзей — ад старых да немаўлят — ніхто цяпер не ўспамінае. Паперкі аб іх рэабілітацыі многім ужо даўным-даўно не патрэбныя. Яны не дажылі да гэтай рэабілітацыі, і ўручаць іх няма каму.
Сообщение Мастоўскі раён: другая хваля рэпрэсій появились сначала на Газета Слонімская.