Жыровічы рыхтуюцца да свят
Крыху менш за месяц засталося да святкавання 550-годдзя з`яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра.
Сообщение Жыровічы рыхтуюцца да свят появились сначала на Газета Слонімская.
Усё выразней бачна, які прыме выгляд паселішча і святая абіцель да юбілейных дат. Наведванні прадстаўнікоў дзяржаўнай улады прымушаюць адказных за ўзвядзенне аб`ектаў спяшацца з будаўнічымі працамі, пры гэтым дбаць пра якасць і тэрмін здачы аб`ектаў.
Калі яшчэ нядаўна людзі хадзілі па праезджай частцы дарогі, бо тратуар быў агароджаны і на ім клалі новую плітку, то цяпер парушаць правілы дарожнага руху не прыходзіцца. Плітачнікі зараз завіхаюцца на цэнтральнай пляцоўцы.
На званіцы, як і на суседнім будынку для місіянерскага аддзела, вядуцца знешнія работы. На сонцы зіхаціць меднага колеру новы вялікі купал, а верх упрыгожвае такога ж адцення макаўка з крыжам.
Праз дарогу абнаўляецца знешні фасад Свята-Успенскага сабора. Зялёныя дзверы, праз якія паломнікі ўваходзяць на тэрыторыю манастыра, сталі карычневага колеру.
Недалёка ад уваходу стаіць дзіўны чатырохкутнік, ахутаны чорнай тканінай. Месцамі на тканіне маюцца дзіркі. Зазірнуўшы праз адну ўнутр, аўтар гэтых радкоў пабачыў гранітны пастамент, які ўзвышаецца на пляцоўцы з трыма ступенямі. Праз некаторы час на ім будзе стаяць помнік вялебнапакутніку Серафіму Жыровіцкаму. Ён будзе ўяўляць сабой роставую скульптуру з бронзы. Кажуць, што праца над помнікам ужо завершаная і ён хутка будзе дастаўлены ў Жыровічы.
Пераступаючы парог, трапляем на манастырскую тэрыторыю. Адразу кідаецца ў вочы амаль падрыхтаваны да здачы шэры будынак аддзялення завочнай адукацыі. Металічнага колеру дах дабаўляе вытанчанасці будынку з вадастокам. Унутр трапіць не атрымліваецца. За парадкам сочыць пільны вартавы.
Ад яго даведваюся, што з 19 красавіка і да канца месяца ў вартаўнікоў наступае прымусовы адпачынак. Па распараджэнні архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя з-за каранавірусу працаўнікі манастыра (за выключэннем самых неабходных) ідуць у водпуск за свой кошт. Пытаю, колькі атрымлівае ён за сваю працу. Махнуўшы рукой, адказвае, што няшмат — каля 300 рублёў, а ў гэтым месяцы і гэтага не будзе.
«Але скардзіцца нельга, бо ў гэты няпросты час усім цяжка і я разумею ўсё, — кажа ён. — Вунь зайдзіце ў сабор. Там нікога няма, хаця сёння вынас плашчаніцы адбываецца. Каб не было ўскладненняў, архірэй папрасіў не наведваць храм у гэтыя дні. А сваіх грошай манастыр не мае».
«Такі заробак атрымліваюць многія ў манастыры, — гутарку падхоплівае мужчына побач. — У манастырскай бухгалтэрыі няма ні табелю, нічога. У семінарыі, кажуць, ёсць, а тут — няма…»
Тут ёсць аб чым паразважаць, але рухаюся далей. А паглядзець ёсць на што. Напрыклад, новую званіцу, якую падрыхтавалі будаўнікі «Гроднажылбуда». Яна знаходзіцца за блакітнымі елкамі і агароджай ужо тэрыторыі па-за вартавой будкай. Гэтая пляцоўка рыхтавалася на працягу некалькіх этапаў. Спачатку падпілавалі елкі, потым на пляцоўцы выклалі плітку — новая плітка ляжыць каля Богаяўленскай і па дарозе да Крыжаўзвіжанскай царквы. Плітачнікі працавалі на працягу дня і ажно да дзявятай гадзіны вечара. Потым зрабілі цікавы шкілет з дрэва, на які праз нейкі час усталююць званы. Іх будзе дванаццаць. Самы вялікі будзе важыць чатыры тоны дзвесце кілаграмаў. Уражвае, ці не праўда? Званы будуць адлітыя пры падтрымцы Расійскай Федэрацыі.
У Жыровічах будзе адна праваслаўная капліца, дзве званіцы і восем храмаў (Свята-Успенскі сабор мае тры часткі, у кожнай па алтары, на якім могуць здзяйсняцца паасобку літургіі). А яшчэ ёсць дамавы храм у архірэя… Навошта так шмат, улічваючы, што ў Жыровічах пражывае каля дзвюх тысяч чалавек, сярод якіх ёсць і вернікі каталіцкага веравызнання?
Між тым у аграгарадку для каталікоў няма ні аднаго культавага будынка, дзе можна было б здзяйсняць свае рэлігійныя патрэбы.
А зараз накіроўваемся ў сам сабор. Унутраную частку і знешнюю выраўнялі — раней паміж імі была шчыліна, якая не зусім была зручнай для вазочнікаў. А яшчэ левая частка сцяны ўпрыгожана прыгожай фрэскай, на якой — выява з`яўлення на грушы абраза Божай Маці з Немаўляткам. Мастацкі твор выканалі сёстры іканапіснага аддзялення Слонімскага духоўнага вучылішча. Раней на месцы, дзе зараз роўная пляцоўка, знаходзіліся ступені, па якіх час ад часу спускаліся манахі, каб набраць святой вады з крыніцы, што біла з-пад прастолу. Зараз невядома, што з той крыніцай, ці б`е струмень вады, бо месца не пазнаць.
А яшчэ ў брацкім корпусе манастыра правялі газіфікацыю. Зараз там будзе цэнтралізаванае газазабеспячэнне.
Падрыхтоўка да свят паціху заканчваецца. Але ці адбудзецца ўрачыстае святкаванне, пакуль невядома. Каранавірус можа паўплываць на планы правядзення юбілейных мерапрыемстваў.
Юбілейны шакалад
Планавалася, што Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр 20 траўня стане цэнтрам шматлікіх культурных мерапрыемстваў. Мелі намер яго наведаць многія важныя персоны, сярод якіх прэзідэнты Расіі і Беларусі Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка, а таксама настаяцель Рускай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл.
У тэму:
Да святкавання 550-годдзя з`яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра адна з беларускіх кандытарскіх фабрык выпусціла адмысловы «Жировичский» шакалад. Першымі яго пакаштавалі манахі Жыровіцкага манастыра.Шакалад выпушчаны двух гатункаў — дэсертны горкі (68%) і малочны з лясным арэхам. Цікава, што плітка не 90-грамовая, як мы ўсе прызвычаіліся бачыць, а мае 100 грамаў. На абгортцы горкага шакаладу, акрамя надпісу «550 лет», ёсць яшчэ надпіс «Успенский Жировичский монастырь 500 лет». Ён змешчаны ў вянок. На вокладцы малочнага шакаладу адлюстраваная выява з`яўлення абраза Жыровіцкай іконы Божай Маці пастушкам — з грушы ідзе дзівоснае ззянне.
Сообщение Жыровічы рыхтуюцца да свят появились сначала на Газета Слонімская.