Ранняя вясна
На жыццёвых скрыжаваннях
Сообщение Ранняя вясна появились сначала на Газета Слонімская.
Кастусь Шыбоўскі і думаць не думаў, што яго гэтак раптам скруціць хвароба. Быў здаровы як дуб, напрадвесні пайшоў на пенсію і радаваўся, што можна шмат чаго зрабіць па гаспадарцы. Напрыклад, лазню пабудаваць, якую вельмі хацеў мець на сваёй сядзібе.
— Сёлета ранняя вясна, — казаў сваёй Кацярыне. — Як пашанцуе, то ўсякую работу да мая спраўлю, а там можна будзе і да брата Андрэя ў Смаленск з`ездзіць, даўно ж не бачыліся.
Толькі за адзін дзень усё перамянілася. Раніцай, ідучы ў дрывотню, ён упаў, не паспеўшы адчыніць дзвярэй. Аслабла ўсё цела, і сам устаць ужо не змог. Добра, што сусед Міхась Сухалёт са свайго акна ўбачыў. Прыбег, падняў, завёў у хату. Выклікалі хуткую, і фельчар забраў яго ў бальніцу.
— Не ўстану я ўжо болей… — сказаў жонцы, якая праз тыдзень прыехала адведаць.
— От, гаворыш абы-што! Чамусьці абурылася Кацярына. — Людзі хварэюць і папраўляюцца, і ты паправішся.
Слабасць не праходзіла, а, наадварот, стала яшчэ большай, і сонечным красавіцкім поўднем Кастуся не стала.
Кацярыне не тое каб было вельмі шкада мужа, надта баялася, што стане з ёй самой. Трыццаць шэсць гадоў пражыла за ім як за каменнай сцяной, нават не ведала, на якім полі соткі з бульбай, бо муж усё рабіў сам. І садзіў, выпісаўшы ў калгасе саджалку, і палоў, і капальнікаў наймаў, каб убраць клубні. Словам, жыла як пані, што для вёскі Зарэмічы было рэдкасцю, бо мясцовыя бабы не прывыклі спадзявацца ва ўсім на мужчын, наперад іх хапаліся за ўсякую работу.
— Ухайдакала Кастуся гэна нягегліца, — казала бабка Міроніха, што жыла на другім баку вуліцы і ўсё ведала пра суседзяў. — Усё сам, усё сам, вось і не вытрымала сэрца. Паглядзіць цяпер, як жыць без мужа, а то яшчэ і пакрыквала на яго, яшчэ больш да работы прымушала.
На трэці дзень пасля пахавання Кацярына ўзяла карову на повад і павяла са двара. Вяскоўцы, хто бачыў, думалі-гадалі, куды ж яна накіравалася? Але што ты ўгадаеш. Разгадку толькі вечарам прынеслі даяркі, што працавалі на ферме ў суседніх Варкоўцах.
— Прыходзім мы на вячэрнюю дойку, бачым, ля плоту карова прывязаная стаіць, — казала Ліда Вярцімская. — Ну я і пазнала чыя і здагадалася, чаму яна тут апынулася.
— Гэта яна так здала карову ў калгас ці што? — не зразумеў загадчык фермы Мікіта Сом, калі я расказала ўсё як ёсць.
— Хіба кармоў няма? А раз прывяла, то трэба ж было мяне дачакацца, каб паважыў, даў квітанцыю…
— Ды ёсць кармы, — кажу. — Кастусь быў гаспадарлівы, тых кармоў яшчэ на паўзімы хапіла б. Гультайка не хацела ні даіць, ні карміць, прывыкла цэлымі днямі вылежвацца. Бачыў жа, якая тоўстая Кацярына, распасвілася за добрым мужам.
— То дачцэ з зяцем аддала б, што ў Жылковічах жывуць.
— А чорт яе ведае, гэту заваліну.
— Так яна ўсю гаспадарку развее па ветры.
Кацярына, атрымаўшы праз нейкі час грошы за карову, паехала ў Маладзечна і накупляла сабе абновак.
— Хоць пажыву лёгка, — сказала бабцы Міронісе. — Рабіць нічога не буду, толькі агарод пасаджу, а бульбу лепш восенню куплю.
— Можна падумаць, што ты раней у работу ўлягала! — папракнула гультайствам бабка.
— Да дачкі з зяцем жыць паеду, навошта мне тут адной быць.
— Ну-ну… Там, міленькая, вылежвацца не будзеш. Зяць цябе хутка ў аглоблі паставіць, гэта табе не Кастусь…
Недзе праз месяц, пасадзіўшы такі-сякі агарод, Кацярына сабрала ў вандзэлак апранатку і паехала ў Жылковічы.
Пра сваё перасяленне не сказала ні дачцэ, ні зяцю, і яе прыезд быў для іх сюрпрызам.
— Чаго гэта яна прыперлася? Ты мо ведаеш? — спытаў Васіль у Іры, калі цёшча пайшла ў магазін.
— Нічога не казала…
— І што тут будзе рабіць?
— Рабіць — гэта не пра яе. Мамка любіць адпачываць і смачна есці. Тата ўсё за яе рабіў, таму і лёг у дамавіну раней часу…
Васіль і Іра былі заатэхнікамі, працавалі з рання да змяркання, а Кацярына паесць, уключыць тэлевізар і да рэзі ў вачах глядзіць серыялы. Ні есці не варыла, ні ў хаце не прыбірала. Нават малога ўнука Міколку ў дзіцячы садок не вадзіла. А калі надвячоркам яго прывядуць дадому, то ні хвіліны не пазабаўляецца, кніжку не пачытае.
— Бабуля, раскажы мне казку… — просіць малы.
— Ідзі лепш на двор пагуляй з сабачкам. Я ўжо даўно пазабывалася ўсе казкі.
— То ў нас кніжак шмат, можна пачытаць. Я люблю пра Марозку і пра мядзведзяў…
— Ні пра Марозку, ні пра што іншае я чытаць не буду. Адчапіся, тут надта цікавы серыял пачынаецца!
Ірына, вярнуўшыся з работы, пераапраналася і ішла палоць грады, потым даіць карову, карміць свіней. Ды хіба мала ў вёсцы работы працавітаму чалавеку? Але гэта працавітаму, а Кацярыне зусім не было чым заняцца, акрамя тэлевізара. За лета яна яшчэ больш растаўсцела. Час ад часу, апрануўшы абноўку, ехала ў Маладзечна да кумы і там сядзела цэлы дзень. Яна нават забылася, што ў вёсцы пасадзіла агарод, і ні разу не з`ездзіла яго прапалоць.
У пачатку восені, калі Міколка пайшоў у школу і яго трэба было забіраць і даглядаць, Кацярына свой лад жыцця не змяніла і па-ранейшаму праводзіла час ля тэлевізара.
— Збірай, цёшча, манаткі! — сказаў аднойчы Васіль. — Ля варот стаіць машына, зараз павязу цябе туды, адкуль прыехала.
— Куды?! — здзівілася. — Я нікуды не збіралася…
— Мала што не збіралася! Ты ў нас для інтэр`еру сядзець не будзеш. Я не цесць, каб табе патураць. Хопіць, пажыла на ўсім гатовым, адпачыла, а цяпер, як кажуць, вось Бог, а вось парог…
Сообщение Ранняя вясна появились сначала на Газета Слонімская.