Кіраўнік і спецыялісты сяльгаспрадпрыемства выратавалі рыбака
Адбылося гэта ў аграгарадку Малі Астравецкага раёна 8 снежня, паведамляе Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС.
У гэты дзень у 15.28 гадзін у службу 101 паступіла паведамленне, што ў рэчцы Малька тоне чалавек. Праз некалькі мінут ратавальнікі былі на месцы.
Там высветлілася, што ў рэчцы, прыкладна за 5 метраў ад берага, у вадзе боўтаўся мужчына, калі побач праязджалі старшыня мясцовага сяльгаспрадпрыемства Эдуард Садоўскі, галоўны заатэхнік Віктар Алекса і дырэктар філіяла прадпрыемства Ігар Варанішча. Ілістае дно ракі не дазваляла пяцярпеламу выбрацца на бераг самому. Кіраўнік і спецыялісты гаспадаркі з дапамогай вяроўкі дапамаглі яму выбрацца на бераг.
Рэчка Малька ў тым месцы мае 1 – 2 метры глыбіні, а лёд быў 1 – 3 см таўшчыні. Выратаваным аказаўся жыхар Астраўца 1955 года нараджэння, які вырашыў праверыць такім чынам трываласць лёду для рыбалкі. У выніку, у вадзе ён прабыў каля 15 мінут і быў шпіталізаваны з дыягназам “агульнае перахалоджанне”.
Ратавальнікі нагадваюць, што выходзіць на лёд таўшчынёй менш за 7 см катэгарычна забараняецца.
Фота МНС