Следчы камітэт адмовіўся заводзіць справу па факце збіцця нашага земляка журналіста “Радыё Свабода” Антона Трафімовіча
Пра гэта паведамляе “Радыё Свабода”
У выніку праверкі ня знойдзены склад злачынства, гаворыцца ў лісце СК, які атрымаў Антон Трафімовіч.
Ліст са Следчага камітэту прыйшоў праз чатыры месяцы пасля таго, як журналіста затрымалі і пабілі ў цэнтры Мінску.
15 ліпеня ён асвятляў падачу скаргаў у Цэнтральную выбарчую камісію. У той дзень некалькі соцень чалавек выстраіліся ў чаргу да ЦВК, каб падаць скаргу аб нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі як кандыдата ў прэзыдэнты.
Паўтузіна людзей, якія не назваліся, скруцілі Антона Трафімовіча, ударылі па твары, пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў Заводзкае РУУС. Сярод тых, хто яго затрымліваў, былі некалькі чалавек у форме АМАПу. Без складаньня пратаколу і без тлумачэнняў журналіста адпусцілі праз гадзіну.