У Гродне п’яны кіроўца легкавіка ўбачыў супрацоўнікаў ДАІ і перасеў на пасажырскае сядзенне
Ноччу 2 снежня на Гродзенскай вуліцы ў Гродне каля дома №19 у супрацоўнікаў ДАІ выклікаў падазрэнне «Форд», кіроўца якога, убачыўшы экіпаж, выключыў святло, спыніўся і перасеў на пасажырскае сядзенне, хоць у машыне, акрамя яго, нікога не было, канстатуе рэсурс абласной ДАІ
Кіраваў легкавіком 32-гадовы жыхар Гродна, у якога меліся відавочныя прыкметы алкагольнага ап’янення. Медыцынскае даследаванне паказала больш за 1 прамілю алкаголю ў яго арганізме.
У пратаколе апытання кіроўца патлумачыў, што напярэдадні вечарам выпіў 250 грамаў гарэлкі.
Ад кіравання мужчыну адхілілі, машыну даставілі на штрафстаянку, і цяпер кіроўцу пагражае штраф у 200 базавых адзінак і пазбаўленне правоў кіравання на 5 гадоў.