Вясковец выпіў два літры піва і паехаў на легкавіку за дабаўкай — цяпер яму пагражае крымінальная адказнасць
Вечарам 8 снежня ў аграгарадку Верцялішкі Гродзенскага раёна каля дома №6 інспектары ДАІ спынілі легкавік «Опель» для праверкі дакументаў і фізічнага стану кіроўцы, паведамляе рэсурс абласной ДАІ
Кіраваў легкавіком 34-гадовы мужчына, які не меў пры сабе ніякіх дакументаў, але меў прыкметы алкагольнага ап’янення. Медыцынскае даследаванне паказала 1,2 прамілі алкаголю ў яго арганізме.
Пасведчання кіроўцы мужчына быў пазбаўлены сёлета ў сакавіку за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.
У пратаколе апытання кіроўца патлумачыў, што напярэдадні вечарам выпіў два літры піва і паехаў у мясцовую краму за дабаўкай.
Кіроўцу ад кіравання адхілілі, легкавік даставілі на штрафстаянку. Цяпер вяскоўцу пагражае крымінальная адказнасць за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення паўторна цягам аднаго года, а яго легкавік падлягае канфіскацыі, адзначаецца ў паведамлені.